filmov
tv
Маўклівыя сведкі мінуўшчыны (Бел)

Показать описание
Шмат якія са сведкаў мінуўшчыны — маўклівыя. Іх трэба ўмець зразумець і пасвойму «прачытаць». Сярод іх, напрыклад, камяні. З самымі вялікімі камянямі заўсёды былі звязаны розныя паданні. Ёсць камяні, якія людзі назвалі Божымі. Іх лічылі цудадзейнымі, а ваду, што збіралася ў іх паглыбленнях, — лекавай. У такіх камянёў людзі часта прасілі дапамогі, каб вылечыцца ад хваробы. Дзеля гэтага да іх прыносілі падарункі: хлеб, тканіну, грошы ці ягады. Пашана людзей да некаторых камянёў захавалася да нашых дзён.
Раней чалавек імкнуўся пакінуць на камені памяць пра сябе або пра важныя падзеі. Сярод камянёў, якія з’яўляюцца помнікамі гісторыі,
вылучаюцца Барысавы камяні ў Полацку.
Полацкі князь Барыс загадаў на вялізных камянях высечы крыжы і выбіць надпісы: «Госпадзе, памажы рабу свайму Барысу». Адзін
з іх калісьці стаяў у рэчышчы Заходняй Дзвіны, непадалёку ад Полацка. Яго памер складае прыкладна тры метры ў папярочніку. Гэты камень лічыўся святым. Вясною, калі вада ў рацэ спадала, да яго плавалі на лодках. На яго клалі кавалачкі хлеба, прасілі добрага ўраджаю. Адсюль яго другая назва — Барыс-Хлебнік.
Камяні з’яўляюцца важнымі помнікамі гісторыі. Яны ахоўваюцца дзяржавай. Іх вывучэнне дазваляе шмат сказаць аб жыцці івераваннях нашых продкаў. Цяпер у Мінску створаны Музей валуноў. Тут знаходзяцца старадаўнія і сучасныя вырабы з каменю, глыбы з надпісамі.
На нашай зямлі ёсць шмат старажытных пахаванняў — курганоў. Гэта рознай вышыні пагоркі, якія насыпáліся над нябожчыкамі. Такіх курганоў у Беларусі і сёння больш за 15 тысяч. Частку з іх называюць кургана`мівалатоўкамі. Згодна з паданнямі, у іх пахаваны волаты — надзвычай дужыя і высокія людзі.
Звычай насыпáць курганы` ўзнік вельмі даўно. Лічылася, што і пасля смерці жыццё чалавека працягваецца, толькі ў іншым месцы. Таму ў курганы нябожчыкам клалі ўсё тое, чым яны карысталіся пры жыцці. Гэта маглі быць нож, сякера, упрыгажэнні і іншыя рэчы. Калі нябожчык быў воінам — меч, калі гандляром — вáгі. У нагах ці галаве ставілі гаршчок ежы, каб і на тым свеце чалавек мог падсілкавацца. Пасля пахавання на насыпаным кургане заўсёды рабілі памінкі. Звычай успамінаць нябожчыка добрым словам пасля пахавання дайшоў і да нашых дзён. Вясною мы ўшаноўваем памяць сваіх продкаў на Радаўніцу, а восенню — на Дзяды.
У 19 стагоддзі браты Канстанцін і Яўстах Тышкевічы, якія нарадзіліся на Лагойшчыне, заняліся вывучэннем гісторыі роднага
краю. Браты пачалі раскопваць курганы. Шукалі старажытныя рэчы, зброю, посуд, прылады. З іх дапамогай вывучалі жыццё нашых продкаў. Браты Тышкевічы сталі аднымі з заснавальнікаў беларускай археалогіі. Гэту навуку называюць яшчэ навукай з рыдлёўкай у руках. Браты сталі стваральнікамі першага ў Беларусі музея старажытнасцей. Сюды яны перадалі багатую калекцыю рэчаў, знойдзеных у час раскопак.
Чалавек і свет. Мая Радзіма Беларусь: вучэбны дапаможнік для 4 класа/ Паноў С. В., Тарасаў С. В.- Мн, 2018.- 166 с.
#Беларусь #Радзіма #ЧалавекІСвет